БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - najwi?kszy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 


ЛІТАРАТУРНЫЯ ЮБІЛЕІ

ЯНКА КУПАЛА – НАЦЫЯНАЛЬНЫ ГОНАР БЕЛАРУСАЎ

Янка Купала (сапраўднае прозьвішца Ян Луцэвіч) нарадзіўся ў дробнашляхоцкім асяродзьдзі 7 ліпеня 1882 г. Пачатак XX ст. аказаўся асабліва драматычным для сям’і Луцэвічаў. На працягу аднаго тыдня памерлі бацька й дзьве сястры будучага паэта. У такіх абставінах цяжар утрыманьня сям’і Луцэвічаў лёг перад усім на плечы найстарэйшага ў сям’і Янкі, які быў прымушаны працаваць і вандроўным настаўнікам, і дробным чыноўнікам, і эканомам, і чорнарабочым, урэшце – журналістам і рэдактарам. 
Цяжкія ўмовы бытаваньня не дазволілі Янку атрымаць поўную сярэднюю, а тым болей вышэйшую адукацыю. Нягледзячы на гэта, дзякуючы напорыстай самаадукацыі, Янка Купала валодаў шырокімі літаратуразнаўчымі й гістарычнымі ведамі. 
Вялікай падзеяй у жыцьці Купалы было ўзьнікненьне й дзейнасьць рэдакцыі „Нашай Нівы” – першай масавай беларускай газэты, якая высока ўзьняла штандар ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня. З гэтым тыднёвікам Янка Купала пачаў інтэнсыўна супрацоўнічаць ад паловы 1907 г. У 1914 г. стаў ён галоўным рэдактарам часопіса й быў ім да канца існаваньня тыднёвіка, г.зн. да жніўня 1915 г., калі набліжэньне нямецка-расейскага фронту да Вільні спыніла канчаткова дзейнасьць слаўнага беларускага тыднёвіка. 
Гаворачы пра вялікую ролю „Нашай Нівы” ў працэсе фармаваньня нацыянальна-патрыятычных поглядаў Янкі Купалы, трэба памятаць пра тое, што паэт ня быў пасыўным успрымальнікам нацыянальнай ідэалёгіі тыднёвіка, але характарам сваёй патрыятычнай паэзіі прычыняўся да фармаваньня й умацоўваньня на старонках тыднёвіка беларускіх адраджэнскіх прынцыпаў.
Ужо ў нашаніўскі пэрыяд Янка Купала заняў вядучае месца ў беларускай літаратуры, дзякуючы такім паэтычным зборнікам, як Жалейка, Шляхам жыцьця, Гусьляр і сцэнічным творам Адвечная песьня, Паўлінка й Прымакі. 
У пэрыяд кастрычніцкай рэвалюцыі Янка Купала ня мог ня цешыцца з прычыны канчатковага развалу расейскай імпэрыі, аднак, з другога боку, ня мог таксама не праяўляць боязі з тае прычыны, што ў фундамэнт Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ізноў у істоце быў паложаны царскі прынцып прымусовага аб’яднаньня многіх народаў, падпарадкаваных дамінацыі Расеі. У гэтым часе трывога паэта за лёс роднай Беларусі выявілася ў шматлікіх яго вершах са зборнікаў Спадчына й Безназоўнае, а таксама ў знакамітым сцэнічным творы Тутэйшыя, у якім Купала зь вялікай адвагай і прынцыповасьцю атакаваў агрэсыўныя адносіны да Беларусі з боку расейскіх і польскіх экспансіянераў. У многіх творах, узьніклых у 20-х гадох, Янка Купала адважна й пасьлядоўна бараніў прэстыж роднае мовы, каштоўнасьці беларускай нацыянальнай сьвядомасьці й максымальную сувэрэннасьць Беларускай Савецкай Рэспублікі.
Усе патрыятычныя вершы Янкі Купалы, напісаныя ў 20-х гадох, жорстка прасьледаваліся савецкай цэнзурай у 30-я гады. Як падлічыў эміграцыйны літаратуразнавец Станіслаў Станкевіч, у 30-х і 40-х гадох зь літаратурнай спадчыны Янкі Купалы цэнзура не дапусьціла да друку больш за сто твораў. З гэтай прычыны творчасьць Янкі Купалы да Беларусаў даходзіла ў акалечаным выглядзе. 
Савецкая сыстэма не абмежавалася толькі канфіскатай твораў Янкі Купалы, але пачала яго жорстка прасьледаваць, арганізуючы раз за разам ператрусы на кватэры паэта. Партыя ды НКУС рабілі ўсё, каб даказаць, што Янка Купала быў адным з важакоў Саюзу Вызваленьня Беларусі – арганізацыі, якая ўвогуле не існавала. Вострыя напады на Янку Купалу ў прэсе й на сходах давялі да таго, што ён, таксама як і Якуб Колас, напісаў г.зв. самакрытычны ліст, у якім назваў усю сваю дзейнасьць і творчасьць пэрыяду „Нашай Нівы” і 20-х гадоў нацыяналістычнай і антынароднай. Лісты гэтыя ў выпадку Янкі Купалы ды Якуба Коласа былі доказам духоўнага зьняволеньня паэтаў, якія прызналіся да ніколі ня зробленых імі памылак і злачынстваў. 
Нягледзячы на гэта, у суровыя 30-я гады Янка Купала апынуўся ў цэнтры рэпрэсійных дзеяньняў з боку сталінскага рэжыму, які стараўся прыпісаць паэту непасрэдны ўдзел у антысавецкай дзейнасьці й яго імкненьні да адрыву Беларусі ад Савецкага Саюзу. Перасьлед гэты давёў Купалу да адчайнай спробы самагубства. 
Знаходзячыся пад пагрозай арышту, судовага працэсу, ссылкі, а можа й сьмерці, Янка Купала прынамсі фармальна паддаўся сталінскаму тэрору й прыняў актыўны ўдзел ва ўкараненьні прынцыпу сацыялістычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Прыкладам духовай капітуляцыі пісьменьніка быў м.ін. ягоны ўдзел у стварэньні разам зь Якубам Коласам ды іншымі вядучымі савецкімі пісьменьнікамі сэрвілістычнай, крывадушлівай паэмы пад загалоўкам Пісьмо беларускага народ вялікаму Сталіну, у якой славілася звышшчасьлівае жыцьцё савецкіх Беларусаў у параўнаньні з фатальным станам працоўных у капіталістычных краінах. 
Дэкляратыўны вернападданчы прасавецкі пафас утрымаўся ў паэзіі Янкі Купалы таксама ў першыя гады нямецка-савецкай вайны, калі паэт жыў у глыбіні Расеі. 
У чэрвені 1942 г. Янка Купала прыехаў у Маскву дзеля сьвяткаваньня юбілею свайго 60-годзьдзя. І тут 28 чэрвеня 1942 г. нечакана ўпаў у гасьцініцы зь сёмага паверху ў правал лесьвіцы, загінуўшы на месцы. 
Існуюць прынамсі тры гіпотэзы адносна гэтай сьмерці. Найбольш верагодна, што паэт быў ськінуты сілаю агентамі НКУС. Прычынай такога ўчынку агентаў было тое, што Купала, праўдападобна, часта ставіў пад сумнеў геніяльнасьць Сталіна, які памог Гітлеру дайсьці да Масквы, узяць у палон некалькі мільёнаў чырвонаармейцаў і зьняволіць каля 150 мільёнаў савецкіх грамадзянаў.
Нягледзячы на ўсе памылкі, кампраметуючыя Купалу ў 30-я гады, мусім памятаць пра тое, што паэт на працягу цэлага свайго сьвядомага жыцьця аставаўся верным ідэі незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. 
І якраз такім уяўляем Янку Купалу й сёньня, адзначаючы 120-я ўгодкі з дня яго народзінаў. 

Аляксандр БАРШЧЭЎСКІ 

 
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЮБІЛЕІ

НАШ КУПАЛАГрамадская ініцыятыва – да юбілею паэта
Улучна юбілею народнага песняра Янкі Купалы Таварыства беларускай мовы пры падтрымцы дабрадзеяў выпусціла мастацкі календарык і плакат (дызайн мастака Ігара Марчкіна) на 2002 – 2003 год з выявай паэта на фоне касцёла Святога Роха і словамі верша "Бацькаўшчына". Друкаваная выданні знаходзяцца ў сядзібе Таварыства (Менск, вул. Румянцава, 13) і Літаратурным музеі Янкі Купалы.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія